ТЭЛЕСКО́П ЛІЧЫ́ЛЬНІКАЎ,
прылада для выдзялення і рэгістрацыі часціц высокіх энергій, якія рухаюцца ў пэўным напрамку. Мае 2 ці больш дэтэктараў (Гейгераўскіх лічыльнікаў, сцынтыляцыйных лічыльнікаў і інш., а таксама іх спалучэнняў), размешчаных адзін за адным уздоўж зададзенага напрамку і далучаных да схем супадзенняў і антысупадзенняў (гл. Супадзенняў метад). Такі метад дазваляе аддзяліць карысны сігнал, выкліканы часціцай, што прайшла праз Т.л., ад шумавых і фонавых сігналаў, а таксама ад сігналаў, выкліканых часціцамі, якія маюць іншы час пралёту паміж дэтэктарамі ці прайшлі ў інш. напрамках. Выкарыстоўваецца ў фізіцы высокіх энергій.
т. 16, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)